Я́ДЗЕРНАЯ ФАТАГРАФІ́ЧНАЯ ЭМУ́ЛЬСІЯ,
спецыяльная фатаграфічная эмульсія для рэгістрацыі траекторый (трэкаў, слядоў) элементарных часціц. Метад Я.ф.э. грунтуецца на тым, што зараджаная часціца пры праходжанні праз эмульсію разбурае мікракрышталі галагенідаў серабра з утварэннем цэнтраў праяўлення.
Ад звычайнай фотаэмульсіі адрозніваецца павышанай да 8 разоў колькасцю галагенідаў серабра і большай таўшчынёй (да 2 мм і больш). Уласцівасці следу, пакінутага ў эмульсіі зараджанай часціцай, залежаць ад яе зараду, масы і скорасці. Я.ф.э. мае высокае прасторавае раздзяленне, што дазваляе выкарыстоўваць яе як мішэнь-дэтэктар для даследаванняў актаў нараджэння і распаду кароткажывучых часціц. Пры даследаваннях часціц высокіх энергій эмульсійныя слаі ўкладваюць у вялікі стос да некалькіх соцень слаёў, слаі нумаруюць, пасля экспанавання іх наклейваюць на шкляныя пласцінкі і апрацоўваюць звычайным спосабам. Я.ф.э. выкарыстоўваюцца як дэтэктары часціц у ядз. фізіцы. фізіцы элементарных часціц, пры даследаваннях касм. прамянёў, у дазіметрыі.
т. 18, кн. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)